«Мы назіраем разгортванне ядравага рэнесансу». Пра будучыню АЭС разважае навуковец Сяргей Бесараб
Крыніца публікацыі: БЕЛСАТ 26.04.2024 15:00
Экалагічныя актывісты на працягу многіх гадоў паўтараюць: АЭС — гэта ўчорашні дзень і іх трэба закрываць. З імі не згодны беларускі хімік, спецыяліст у радыяцыйнай бяспецы, журналіст і папулярызатар навукі Сяргей Бесараб, у 2015 годзе — нацыянальны эксперт IEC (Міжнародная электратэхнічная камісія) ад Беларусі ў камітэтах «накапляльнікі энергіі» і «альтэрнатыўная і аднаўляльная энергетыка». Спадар Сяргей лічыць, што ў бліжэйшай перспектыве альтэрнатываў атамным электрастанцыям няма, а да далейшага развіцця ядравую энергетыку будзе падштурхоўваць штучны інтэлект. Гутарым з навукоўцам пра атамныя станцыі сёння і заўтра.
Як жыве Нямеччына без атамных станцыяў?
– Спадар Сяргей, год таму, у красавіку, адна з самых прагрэсіўных краінаў свету Нямеччына спыніла працу сваёй апошняй АЭС. Ці можна ўжо цяпер зрабіць нейкія высновы — было гэтае рашэнне слушным і ці атрымалася ў немцаў паказаць свету, што сёння цалкам можна жыць без АЭС?
– Нямеччына паддалася папулізму экалагічных актывістаў. Гэта была менавіта папулісцкая кампанія, у якой атамныя станцыі змяшалі з працёкамі на саляных шахтах Ассе, дзе захоўваліся ядравыя адкіды. І цяпер Нямеччына расхлёбвае наступствы свайго рашэння. Пасля закрыцця АЭС балансіроўка генерацыі энергіі ішла за кошт звычайных вугальных электрастанцыяў, што не вельмі экалагічна. Акрамя таго, куплялася энергія з французскіх АЭС, якія значна ўступаюць нямецкім па тэхналагічнасці, ды і па бяспецы.
Агулам, мне вельмі шкада, што Нямеччына спыніла свае атамныя станцыі, бо гэтая краіна — фактычна «мекка» ядравых тэхналогіяў — там заўсёды былі самыя прафесійныя навукоўцы, самыя бяспечныя станцыі, прарыўныя тэхналогіі. Мне шкада, што краіны прафесіяналаў саступаюць сцэну азіяцкім пачаткоўцам, якія як раз думаюць не пра закрыццё АЭС, а пра будаўніцтва новых.
Нямеччына — напэўна, адзіны такі прыклад у свеце. У іншых краінах не бачна зніжэння цікавасці да ядравай энергетыкі. У прагнозным дакладзе МАГАТЭ гаворыцца, што да 2050 года генерацыя ад АЭС можа павялічыцца ў два разы. Таму, верагодна, цяпер мы назіраем разгортванне ядравага рэнесансу, які ідзе даволі хуткімі тэмпамі, пра што я казаў у сваіх прагнозах яшчэ летась.
Немцы ж ужо шкадуюць пра закрыццё АЭС. Яны кажуць, што на базе закрытых станцыяў будуць будаваць тэрмаядравыя рэактары, але гэта, канешне, гучыць больш як фантастыка.
ДАВЕДКА: Надоечы нямецкае выданне Bild паведаміла са спасылкай на дакументы міністэрстваў эканомікі і навакольнага асяроддзя, што эксперты пераконвалі міністраў захаваць АЭС. Яны ўказвалі на танную вытворчасць электраэнергіі і бяспеку эксплуатацыі нямецкіх станцыяў. Але міністры Роберт Хабек і Штэфі Лемке (абодва з партыі «Саюз 90 / Зялёныя») не паслухалі гэтых довадаў і абвесцілі пра закрыццё АЭС праз небяспеку аварыяў і імкненне перайсці на аднаўляльныя крыніцы энергіі.
Ядравая энергетыка — зялёная і ўстойлівая?
– Чаму не атрымліваецца цалкам перайсці на зялёную энергію — сонца і ветру, якую эколагі называлі альтэрнатывай традыцыйнай энергетыцы і АЭС?
– Ёсць эколагі з адукацыяй, а ёсць эколагі-актывісты, якія наагул не маюць тэхнічнай адукацыі і экспертаў не прыцягваюць. Так, яны кажуць пра сонечную і ветравую энергію, але забываюцца, што сонца і вецер — рэчы непастаянныя, сезонныя, залежныя нават ад часу содняў. Што з гэтым рабіць, калі плынь энергіі мусіць быць сталай? Патрэбныя акумулятары ці балансуючыя магутнасці, і гэтае пытанне эколагі абыходзяць, бо адказу на яго не маюць. Зорны час эколагаў быў у спакойныя часы, калі не было вайны і не стаяла пытанне энергетычнай залежнасці ад Расеі. Цяпер ім будзе складаней «выязджаць» на радыефобіі без факталагічнай базы.
Датычна зялёнай энергетыкі, у 2022 годзе Еўразвяз прыняў законапраект, так званую Таксаномію, які як раз такой прызнаў атамную, разам з газавай — зялёнай і ўстойлівай, і гэта, у сваю чаргу, адкрывае ёй шлях ва ўстойлівую нізкавуглеродную энергетыку будучыні. Таму колькасць пабудаваных АЭС будзе толькі павялічвацца.
– Якія краіны сёння робяць стаўку на будаўніцтва новых АЭС?
– Нядаўна я чытаў апублікаваны даклад індыйскага ўраду, у якім казалася, што для ўстойлівага развіцця краіне трэба пабудаваць 330 гігават ядравых магутнасцяў. Гэта дзясяткі АЭС. І, хутчэй за ўсё, іх пабудуюць, бо Індыя цяпер — краіна, у якую пачалі ўліваць інвестыцыі ЗША, і там можна будзе назіраць заўважны тэхналагічны і тэхнічны рост у бліжэйшую дэкаду. А гэта немагчыма без энергіі, таму з вялікай доляй верагоднасці менавіта Індыя стане глабальным палігонам для масавага будаўніцтва новых АЭС, праверкі новых рэактарных тэхналогіяў.
Азіяцкі рэгіён актыўна развівае сваю ядравую галіну, прычым, не толькі класічную — яны спрабуюць інавацыйныя рэчы. Напрыклад, Кітай распрацоўвае торыевыя рэактары. На выставе ў Шанхаі быў анансаваны кантэйнеравоз KUN-24AP на торыевым рэактары — замест урану там выкарыстоўваецца расплаў соляў торыю-232. Такія рэактары не патрабуюць шмат вады для ахалоджвання, а пры аварыі актыўная зона становіцца цвёрдай і яе можна лёгка выгрузіць.
Але можна так далёка не хадзіць — Польшча таксама запланавала будаўніцтва дзвюх АЭС.
Пакуль свет працуе над новымі тэхналогіямі, Расея лепіць латкі на старыя рэактары
– Торыевыя рэактары, якія распрацоўвае Кітай — больш бяспечныя ў выпадку аварыі?
– Прыкладаў такіх аварыяў не было, але, сапраўды, выбуху ў выпадку рэактараў на расплавах соляў (т.з. MSR) там не будзе. Так, персанал можа пацярпець, нейкая тэрыторыя, але гэта не тая брудная бомба, якой стаў некалі Чарнобыль. Зрэшты, ад канальных рэактараў РБМК, які быў на ЧАЭС, даўно адмовіўся ўвесь свет як ад абсалютна небяспечных. Яны цяпер засталіся толькі ў Расеі.
Дарэчы, Расея — галоўны прапагандыст ядравай галіны — упершыню знізіла генерацыю ядравай энергіі. Акрамя таго, у 2020–2030-х гадах Расея планавала цалкам замяніць рэактары РБМК, якія шмат дзе там яшчэ працуюць, напрыклад, на Смаленскай АЭС, на больш бяспечныя ВВЭР. Але праз недахоп грошай і адсутнасць доступу да якасных еўрапейскіх камплектуючых, вывад РБМК з эксплуатацыі адкладаецца на нявызначаны тэрмін. То бок, у той час як увесь свет пераходзіць да рэактараў пакалення 3+, шмат увагі надае малым модульным рэактарам, больш бяспечным торыевым, працуе над новымі варыянтамі перапрацоўкі адкідаў, Расея коціцца назад у цемрашальства і лепіць латкі на старыя рэактары. Прытым праз санкцыі гэтыя латкі імпартазамяшчальныя. У выніку павялічваецца колькасць нейкіх інцыдэнтаў, расце час прастояў.
– Як, на ваш погляд, можа далей развівацца ядравая энергетыка?
– Тут у мяне крыху сюррэалістычныя думкі. Апошнім часам актыўна развіваецца штучны інтэлект. Нядаўна Марк Цукерберг у інтэрв’ю казаў, што марыць пабудаваць дата-цэнтр для трэніроўкі нейрасетак магутнасцю 1 гігават. Штучны інтэлект немагчымы без вялікай колькасці крэмніевых чыпаў, а яны працуюць на электраэнергіі. Таму Цукерберг і марыць пра пабудову дата-цэнтру на 1 гігават, а такая магутнасць — гэта энергаблок БелАЭС.
Раней кіраўнік Open AI Сэм Альтман таксама казаў, што будучыня штучнага інтэлекту на 100% залежыць ад развіцця сферы энергетыкі, таму што нейрасеткі працуюць на паўправадніковых працэсарах, якія спажываюць велізарную колькасць энергіі. Сёння сярэдні дата-цэнтр, які трэніруе штучны інтэлект, выкарыстоўвае каля 150 мегават энергіі. Каб вывесці яго на новую ступень, а не толькі генерацыю простых малюнкаў і тэкстаў, па меркаванні Цукерберга трэба будаваць дата-цэнтры на 300–500 мегават, лепш — на 1 гігават. Атрымліваецца, што каб распрацаваць штучны інтэлект з новымі магчымасцямі, патрэбная асабістая АЭС.
Штучны інтэлект і АЭС
– То бок, штучны інтэлект падштурхне будаўніцтва АЭС?
– Гэта магчыма, і тут ёсць такі момант — краіны, якія маюць неабмежаваны доступ да энергіі, а гэта пераважна аўтакратыі і дыктатуры, кшталту Расеі ці краінаў Персідскага заліву, здолеюць абысці ЗША і Еўропу за кошт таго, што змогуць выдаткоўваць на развіццё штучнага інтэлекту больш энергіі. Гэтая фантастычная думка напрошваецца сама сабой. Напрыклад, БелАЭС, якая працуе з велізарным прафіцытам. Улады не ведаюць, куды дзець яе энергію, бо ніхто не купляе. Пакуль што беларускія чыноўнікі кажуць пра ўчорашні дзень — майнінг крыптавалютаў. У той час як відавочна, што можна развіваць штучны інтэлект, нават не з нуля — можна ўзяць гатовую адкрытую мадэль і вучыць яе, і стварыць беларускі штучны інтэлект. І думаю, хтосьці аднойчы падкажа гэта Лукашэнку.
Больш магчымасцяў развіваць штучны інтэлект будзе ў недэмакратычных краінах, бо ў дэмакратычных ёсць рэгуляванне, патрэба кансэнсусу грамадства, тых жа, напрыклад, экалагічных актывістаў і ўраду, што стане галоўным абмежаваннем. У той час як аўтакратам нічога не замінае кінуць на развіццё ШІ магутнасці АЭС. А вось чаму яны будуць яго навучаць, пад якія мэты заточваць — ужо іншае пытанне.
– Выглядае, што неўзабаве забароны АЭС будуць патрабаваць не з экалагічных прычынаў….
– Гэта здаецца даволі сюррэалістычным сцэнаром, і пакуль складана ўявіць, як ён можа адбіцца на цывілізацыі…. Сёлета ў ЕЗ уступіў у сілу законапраект пра рэгуляванне штучнага інтэлекту. Там вылучаныя галіны, у якіх недапушчальнае выкарыстанне ШІ, а таксама дзе рызыкі прымальныя. Недапушчальны збор інфармацыі пра людзей, іхныя эмоцыі, паводзіны, выкарыстанне ШІ для маніпуляцыяў праз узроставую, гендарную, расавую ўразлівасць. Дапушчальная рызыка — у медыцыне, самалётах, дзіцячых цацках, энергетыцы. І гэта яшчэ адзін аспект — штучны інтэлект, убудаваны ў кіраванне такімі сур’ёзнымі рэчамі, як ядравая энергетыка.
А мы да гэтага часу дакладна не ведаем, як працуюць нейрасеткі з black box мадэллю, што там адбываецца ўнутры, паміж уваходнымі дадзенымі і тымі, што мы маем на выхадзе. На гэтай мадэлі пабудаваная большасць нейрасетак, бо яна танная. Ёсць white box мадэль з адкрытай модульнай архітэктурай, дзе чалавек можа бачыць працэс фармавання выніковага рашэння, але яна дарагая і павольная, таму ад black box наўрад ці адмовяцца — хутчэй пабудуюць для яе сваю АЭС.
Ці можна пабудаваць АЭС, цалкам забяспечаную ад тэрарыстаў?
– Для сучасных АЭС патрэбны ўран. Але навукоўцы кажуць, што ён раней ці пазней скончыцца на нашай планеце. Што тады — скончацца і атамныя станцыі, ці будуць нейкія новыя тэхналогіі?
– Запасу ўрану хопіць на 100 гадоў. Што рабіць далей? Можна лезці глыбей у зямлю, бо ўрану насамрэч шмат, і нават у Беларусі ёсць радовішчы — у Гомельскай вобласці, каля Карэлічаў — там тысячы тон. Але ён знаходзіцца на такой глыбіні, што распрацоўваць гэтыя радовішчы — фантастыка, якая будзе вельмі дорага каштаваць.
Магчыма, за 100 гадоў з’явяцца тэхналогіі, якія дазволяць дабываць уран з глыбіні і зробяць гэта эканамічна мэтазгодным. Але ёсць яшчэ тэхналогія замкнёнага цыклу з выкарыстаннем т.з. рэактараў-брыдэраў. Актыўна над гэтым працуе Расея (напрыклад, будуе рэактар БРЕСТ-ОД-300). Гэта рэактары, у якіх адпрацаванае ядравае паліва з утрыманнем плутонію ўжываецца пры вытворчасці ядравага паліва для паўторнага выкарыстання. Гэта даволі перспектыўна. Як і выкарыстанне новых крыніцаў, дзе ўран непатрэбны, як тыя ж торыевыя рэактары. Торыю-232 нашмат болей, чым урану, яго прасцей знайсці.
– Ці магчыма стварыць АЭС, якая будзе забяспечаная ад тэрарыстычных атак, выкарыстання ў ваенных мэтах?
– Заўсёды самае слабое звяно — гэта чалавек, праз што цалкам схаваць АЭС ад тэрарыстычных атак немагчыма. Нам кажуць — станцыя забяспечаныя ад падзення лёгкаматорнага самалёту зверху. Але можна падагнаць замінаваную машыну пад корпус рэактару, ці запусціць наймітаў, якія размесцяць там жа выбухоўку і не трэба ніякага самалёту. Пры захопе АЭС можна замінаваць сістэмы ахалоджвання ці проста перабіць сілавы кабель, які ідзе да станцыі, і ўсё — яна пачынае працаваць на дызель-генератарах. Калі ім не даць паліва, тады толькі пытанне часу, калі там усё выбухне і пацячэ. То бок, ад тэрарызму АЭС ніяк не абароненыя, як і ўвогуле ніхто.
Для тэрарыстаў АЭС — чырвоная ануча. Так, мы бачылі, як Ізраіль збіваў іранскія ракеты і дроны, якія ляцелі ў пустыню Негэў, дзе знаходзіцца ізраільскі цэнтр ядравых даследаванняў з эксперыментальным рэактарам IRR-2. Там усе падыходы кантралююцца, у тым ліку неба. Але АЭС у пустыні і ў невялікай высокаурбанізаванай краіне — гэта розныя рэчы. Таму з кропкі погляду энергетычнай бяспекі АЭС патрэбная, але з кропкі погляду тэрарыстычнай небяспекі — гэта бомба павольнага дзеяння.
АЭС: учорашні дзень ці заўтрашні?
– Пасля пераменаў у Беларусі што нам рабіць з БелАЭС і ці падтрымалі б вы будаўніцтва другой станцыі?
– Я б папрасіў дапамогі ў сусветнага грамадства і адчыніў бы дзверы для самых неверагодных ідэяў, прапановаў. Зрабіў бы глабальны хакатон «БелАЭС — што нам з ёй рабіць»? Адкрыў бы ўсе дадзеныя, усе недаробкі. І канешне, яе трэба спыніць, пакуль не будзе зроблены 100% адкрыты аўдыт.
Наконт другой АЭС…. Не ведаю, навошта яна патрэбная, бо і з дзейнай не ведаюць, што рабіць. Але калі спатрэбіцца, я б прымаў рашэнне аб будаўніцтве праз рэферэндум, абмеркаванне, і не толькі ўнутрыбеларускае, але з прыцягненнем міжнароднай супольнасці і экспертаў. Трэба думаць — ці гатовыя мы прыняць рызыку, што дзецям і ўнукам застануцца ядравыя адкіды, калі мы цяпер пабудуем другую АЭС?
– У якасці падсумавання: усё ж такі — АЭС — учорашні дзень ці заўтрашні?
– Я лічу, што замены ядравай энергетыцы на сённяшні дзень няма. Незразумела, ці будзе далей развівацца тэрмаядравая энергетыка, таму пакуль — толькі ўранавая.
Але, як спецыяліст па радыяцыйнай бяспецы, я перакананы, што атам павінен быць у руках тых, хто яго любіць і паважае. Глупства, шапказакідальства, маладасведчанасць — гэта камбінацыя, якая прывядзе да трагедыі, што ўжо здарылася ў Чарнобылі. І калі я цяпер бачу практычна такі ж падыход на БелАЭС, мне становіцца жахліва. Я люблю радыяцыю, але перакананы, што яна павінна быць у руках тых, хто яе глыбока адчувае, ведае і ніяк інакш.
Нам патрэбная адукацыя і максімальная адкрытасць тэмаў радыеактыўнай бяспекі. Калі грамадства разумее, як гэта працуе, радыефобіі ў ім няма — яна ідзе ад недахопу інфармацыі і хлусні. Веды адчыняюць свет да бяспечнай энергетычна забяспечанай будучыні.
Ганна Ганчар
Прим. Siarhei Besarab: данный ресурс (Белсат) известен тем, что наплевательски относится к статьям. Они пропадают, теряют картинки, их нельзя сохранить на webarchive. Мне жалко, если очередная отличная статья канет в лету, поэтому я сделал ее зеркало на medium.